курочка1

Вельмі няпроста знайсці тую сцяжыну, таксама як і справу, якая прыносіла б табе не толькі заробак і дабрабыт, а яшчэ і натхняла на працу дзеля карысці для грамадства і краіны, напаўняла б душу радасцю і пазітывам ад зробленага, узмацняла жаданне працаваць і развіваць сваё майстэрства па прынцыпу «для дасканаласці няма мяжы». Дзякуючы пошукам і роздуму нарэшце знойдзецца тая адзіная справа, якой ты, як і герой гэтага праекта, будзеш гатовы прысвяціць амаль што ўсё жыццё.

Наш суразмоўнік нядаўна адзначыў 70-годдзе, працы ў лясной галіне аддаў цэлае паўстагоддзе. Зараз на зялёным кіцелі Леаніда Рыгоравіча ярка пабліскваюць медаль «За працоўныя заслугі», уручаны яму Прэзідэнтам краіны ў 2011 годзе, знак класнасці «Ляснічы I класа», медаль «80 год лясной гаспадаркі» і нагрудны знак «Ганаровы лесавод». Напярэдадні юбілею Леанід Рыгоравіч расказаў пра перакрыжаванні лёсу, дзе сэрца, як надзейны «навігатар», не дазволіла яму збіцца з наканаванага шляху.

Кіраўскія ўніверсітэты

Ні пра якія медалі і прафесійныя дасягненні Леанід Курачка ў дзяцінстве нават і не марыў. Нарадзіўся ён на пачатку 50-х мінулага стагоддзя ў вёсцы Кіраў Нараўлянскага раёна. Не самы лёгкі гэта быў час: раён, як і ўся Беларусь, залечваў раны і аднаўляўся пасля вайны. Хацелася марыць і жыць… Азіраючыся назад, Леанід Рыгоравіч успамінае, што любоў да лесу дзесьці на генетычным узроўні яму перадалася ад дзеда Адама – былога франтавіка, на долю якога выпала нямала цяжкіх выпрабаванняў. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ён удзельнічаў у аднаўленні вёскі, гаспадаркі, а таксама і лесу, які вельмі пацярпеў ад варожага нашэсця. Нягледзячы на падарванае здароўе, дзед не губляў стасункаў з лесам, працаваў рамізнікам у мясцовым лясніцтве. Калі выпадала магчымасць, заўсёды браў унука з сабой. Хлопец ужо тады разумеў, што лясы – гэта найвялікшае багацце краіны. На поўныя грудзі ўдыхаў ён непаўторныя лясныя водары лесу то з крамяным пахам смалы ў гарачы летні дзень, то з прысмакам гарчынкі ў пару цвіцення разнатраўя. Такім чынам незаметна ўсё мацней прырастаў да лесу, нібы нябачныя карані пускаў у глыбіню зямлі, адчуваючы моцную любоў да прыроды роднага краю сэрцам і душой. І, седзячы побач з дзедам у вазку, не аднойчы лавіў сябе на думцы, што прырода – гэта вельмі складаны жывы арганізм, у якім усё сплятаецца гарманічна ў адзінае цэлае – ад травінкі да дрэўца, і ўсё  патрабуе клопату, дзе галоўная роля адведзена чалавеку.

Знайсці сваю сцежку

«Выбар ёсць у кожнага чалавека, – гаворыць Леанід Рыгоравіч. – Я свой зрабіў на карысць лесу 50 гадоў таму. Вось і зараз успамінаю, як прыехаў у Гродна да дзядзькі Паўла – матулінага брата – з намерам, каб падаць дакументы ў інстытут на факультэт фізкультуры і спорту. На той час я моцна сябраваў са спортам, бачыў сябе ў ролі футбаліста альбо трэнера. Але ж раптам хапіла некалькіх дзён, каб я крута памяняў свае планы і пайшоў у іншым накірунку. Гэтаму паспрыяла экскурсія на дзядзькаву работу, дзе ён працаваў ляснічым. Пакуль Павел Адамавіч рыхтаваўся да планёркі, я пераглядваў усялякую літаратуру, якой была напоўнена шафа ў яго кабінеце, а потым прыглядаўся да лесаводаў у зялёнай форме. Прыгожых, падцягнутых, спраўных… На любое пытанне гатовых даць пэўны адказ. Убачанае перавярнула ўсе мае думкі. А можа, вярнула да тых вытокаў, якія ў дзяцінстве заклаў дзед Адам?.. Таму замест факультэта фізкультуры і спорту я падаў дакументы ў Полацкі лясны тэхнікум. Вучыўся з ахвотай, а ў 1972 годзе з дып-
ломам выпускніка і спецыяльнасцю «Тэхнік-лесавод» прыбыў па размеркаванні ў Лельчыцкі леспрамгас. Можа, і замацаваўся б там надоўга, але ж па прапанове суседа Валерыя Ведзьгуна, які працаваў у Мазырскім лясгасе памочнікам ляснічага, запісаўся на прыём да дырэктара гаспадаркі. Ніколі не забуду, наколькі паважліва ставіўся Рыгор Елісеевіч Бондар, заслужаны лесавод БССР, да маладых людзей, якія адслужылі ў войску. У яго разуменні існавала параўнанне: калі ты аддаў воінскі абавязак Радзіме, то будзеш здольны выканаць і любую пастаўленую задачу на карысць грамадства, краіны і, безумоўна, лесу. Пасля гутаркі з дырэктарам я быў спачатку прызначаны памочнікам ляснічага Бокаўскага лясніцтва, а з 1974 года ўзначаліў гэтае падраздзяленне. Тут працую і зараз».

Любіць сваю справу

«Ці ўдзячны я лёсу за тое, што ўсё так склалася? – як быццам сам сабе задаў пытанне наш суразмоўца і сам адказвае на яго. – Ну, вядома ж, удзячны. Лес – гэта жыццё! Нават не ўяўляецца магчымым падлічыць, колькі за паўстагоддзе мне ўдалося пасадзіць дрэў! Калі ў сярэднім мы аднаўляем лясныя культуры на плошчы 70–80 га, а на адным гектары высаджваецца да 8 тысяч адзінак, то, мабыць, гэта будзе больш за 70 мільёнаў сеянцаў, якія сёння растуць на адноўленых плошчах тэрыторыі Бокаўскага лясніцтва.

У працы лесавода шмат цяжкасцяў было ва ўсе часы. Гэта цяпер шмат тэхнікі, з’явіліся мабільныя тэлефоны, сучасны транспарт, удасканалены розныя метады. А тады, на пачатку 80-х, калі я пачынаў толькі рэалізоўваць сябе ў лясной галіне, такіх магчымасцяў не было. Памятаю часы, калі ў нашым лясніцтве была толькі адна бензапіла «Дружба» і трактар «Уладзіміравец». Нягледзячы на гэта, мы працавалі і выконвалі планы па пасадцы лясных культур і нарыхтоўцы лесу. Трылявалі драўніну з дапамогай коннай цягі. Больш дробныя сартыменты вывозілі на калёсах. Да выдзелаў, на якіх праводзіліся рубкі, таксама дабіраліся на кані».

Ляснічы Бокаўскага даследча-вытворчага лясніцтва Леанід Курачка штодня мабілізуе сваю згуртаваную каманду лесаводаў на рашэнне пастаўленых задач, сярод якіх на галоўным месцы – суцэльныя і санітарныя рубкі, нарыхтоўка драўніны, падрыхтоўка плошчаў пад папаўненне культур, навядзенне парадку ў абходах і месцах адпачынку гараджан. Вядома, калі ў камандзіра бадзёры дух, то і каманда імкнецца не адставаць ад свайго лідэра. Не дзіва, што калектыву падраздзялення ўдаецца паспяхова вырашаць пастаўленыя задачы і займаць высокую пазіцыю ў рэйтынгу сярод іншых лясніцтваў Мазырскага вопытнага лясгаса. Маючы статус даследча-вопытнага, на плошчах гэтага падраздзялення праводзяцца розныя навуковыя даследаванні і семінары, дзе апрабіруецца новая тэхніка, неабходная ў лясной гаспадарцы, абмяркоўваюцца важныя справы.

Сіла ў адзінстве

На думку Леаніда Рыгоравіча, лес і сям’я маюць падабенства ў тым, што яны моцныя, калі разам. Буры-віхуры зламаюць адзінокае дрэўца, калі яно будзе недзе на водшыбе. А калі лес будзе стаяць сцяной, то больш надзеі, што ён прыме ўдар стыхіі з найменьшымі стратамі. Так і ў сям’і: калі яна моцная, то ў ёй адзін за аднаго ўсе трымаюцца. Акрамя такога доваду, Леанід Рыгоравіч сумеў перадаць сваім родным любоў да лесу і да сваёй справы. Таму сёння яго сямейная дынастыя – адна з мацнейшых у Мазырскім лясгасе.

Адкуль усё пачалося? Безумоўна, з сям’і. А наш герой ў лясной галіне, можна сказаць, з самага дзяцінства. Бацькі з малых гадоў навучылі яго беражлівым адносінам да прыроды. Маці працавала ў дрэваапрацоўчым цэху Кіраўскага лясніцтва, майстрам у гэтым жа цэху працаваў і бацька. А колькі сакрэтаў адкрыў для ўнука ў мір прыроды дзед Адам, які амаль усё жыццё ішоў поруч з лесам! Самую станоўчую ролю на выбар будучай прафесіі, якая стала справай жыцця для Леаніда, адыграў дзядзька Павел. Відавочна, што і ён сам таксама зрабіў нямала, каб любоў да лесу перадалася яго блізкім аж у пятым пакаленні. І калі палічыць агульны ўклад сямейнай дынастыі Курачкі, то набярэцца больш за 300 гадоў! Так, зараз майстрам у Бокаўскім даследча-вопытным лясніцтве працуе яго дачка Марына. Побач – яе муж Сяргей Аўрамчук, які прысвяціў каля 25 гадоў ахове лесу. Пачынаў тут працаваць, калі яшчэ і зяцем не быў. Прыбіральшчыцай працуе пляменніца Наталля Тарасевіч, а раней не адзін дзесятак гадоў гэтаму ж
лясніцтву аддала і яе маці. Бухгалтарам у паляўнічай гаспадарцы Мазырскага вопытнага лясгаса з нядаўняга часу стала працаваць і другая дачка ляснічага – Тамара. І гэта не мяжа, таму што ёсць унукі!

Вельмі радуецца Леанід Рыгоравіч поспехам старэйшых – Юліі, Дзмітрыя, а таксама маленькай Вікторыі. Не замінае ім у справах, але ж пільна сочыць за тым, каб яны выраслі годнымі грамадзянамі сваёй краіны. Зараз асабліва падтрымлівае і ганарыцца старэйшым унукам, які служыць ў войску. Дзмітрый, па яго словах, аб’яднаў тое, што яму калісьці не ўдалося: скончыў школу алімпійскага рэзерву, мае другі юніёрскі разрад па футболе, вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізкультуры і спорту, дзе асвойвае спецыяльнасць «Трэнер па футболе», гуляў дублёрам ў камандзе ФК «Славія-Мазыр». А пакуль Дзіма – механік БМП, выконвае воінскі абавязак перад Радзімай: служыць у мабільным падраздзяленні сухапутных войскаў у Слоніме.

Па словах Леаніда Рыгоравіча, у кіраўніка лясніцтва шмат задач, галоўная сярод якіх – своечасова аднаўляць лес, каб не змяншаліся яго запасы для будучых пакаленняў.

Кожны з нас павінен рабіць сваю справу сумленна, з вялікай адказнасцю і жыць тым, што патрабуе яго сэрца.

Гэта трэба і чалавеку, і самой справе, якая выйграе ад службы адданых яму людзей. Новыя лясы – найлепшая і найвышэйшая ўзнагарода для ляснічага. Таму напрыканцы хочацца ўспомніць словы Льва Талстога, які сказаў: «Шчасце – гэта быць з прыродай, бачыць яе, гаварыць з ёй». Менавіта ў гэтым і складаецца сэнс жыцця Леаніда Курачкі.